АКУ́НЬ ЗВЫЧА́ЙНЫ
(Perca fluviatilis),
азёрна-рачная рыба атр. акунепадобных. Пашыраны ў прэсных і саленаватых вадаёмах Еўразіі. На Беларусі трапляецца амаль ва ўсіх вадаёмах. Малыя акуні звычайныя жывуць у затоках, буйныя — на глыбіні.
Даўж. да 55 см, маса да 3 кг. Цела адносна высокае, у буйных — гарбатае, галава вялікая. Трымаецца чародамі. Нерастуе ранняй вясной пры т-ры вады 5—8 °C. Плоднасць да 300 тыс. ікрынак. Моладзь корміцца планктонам, бентасам і маляўкамі рыб. Дарослы акунь звычайны — драпежнік. Аб’ект прамысл. і аматарскага рыбалоўства.
т. 1, с. 217
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)